Πατριαρχείο Μόσχας
Ο ιστότοπος χρησιμοποιεί cookie για να σας δείξει τις πιο ενημερωμένες πληροφορίες. Συνεχίζοντας να χρησιμοποιείτε τον ιστότοπο, συναινείτε στη χρήση των Μεταδεδομένων και των cookie σας. Διαχείριση cookie
Ражджэственскае пасланне Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі КІРЫЛА
Ражджэственскае пасланне
Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі КІРЫЛА
архіпастырам, пастырам, манахам і ўсім верным дзецям
Рускай Праваслаўнай Царквы
Праасвяшчэнныя архіпастыры, шаноўныя пастыры,
пачэсныя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!
У сённяшнюю светлазарную ноч мы зноў духоўна перажываем радасць атрымання светам свайго Спасіцеля. Зноў духоўным зрокам бачым Сына Бога Жывога, Які ляжыць у яслях Віфлеемскага вярцепа. Зноў чуем у сэрцах сваіх голас ангелаў, што спяваюць хвалу Тварцу і Адкупіцелю: “Слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля” (Лк. 2,14).
Слухаючы славаслоўе нябесных сіл, мы ўсведамляем, што Ражджаство Хрыстова напоўнена пазачасавым сэнсам і мае непасрэдныя адносіны да лёсу кожнага чалавека. Нават той, хто пакуль яшчэ нічога не ведае пра подзвіг Спасіцеля, можа цяпер спазнаць Ісціну, стаць дзіцём Божым і ўнаследаваць жыццё вечнае. Ражджаство Хрыстова адкрывае нам праўду пра нас саміх і дае магчымасць гэтую праўду зразумець і засвоіць.
Прыгадаем, што першы чалавек быў створаны Тварцом дасканалым, па вобразу і падабенству Божаму (гл.: Быц. 1, 26). Але Адам, парушыўшы запаведзь, сказіў задуму Стварыцеля пра сябе. Страціўшы жывыя зносіны з Богам, чалавецтва ўсё больш і больш пагружалася ў бездань граху і гардыні. І тады Гасподзь, любячы Сваё стварэнне і жадаючы яму спасення, пасылае ў свет Адзінароднага Сына, Які аднавіў цэласнасць чалавечай прыроды і стаў Новым Адамам. Хрыстос паказаў нам прыклад жыцця, якое адпавядае Божай задуме пра чалавека. Гэты прыклад з’яўляецца надзейным арыентырам, які дапамагае нам не збіцца з дарогі і знайсці адзіна правільны кірунак, што прыводзіць да паўнаты жыцця і ва ўмовах зямнога быцця, і ў вечнасці.
Мы ідзём гэтым спасіцельным шляхам, калі адказваем на Божыя заклікі. Адзін з такіх звернутых да нас заклікаў змешчаны ў пасланні апостала Паўла: “Праслаўляйце Бога і ў целах вашых, і ў душах вашых, якія з’яўляюцца Божымі” (1 Кар. 6, 20). Гэта значыць, што мы ўзносім хвалу Богу не толькі малітвамі і песнаспевамі, але і добрымі справамі на дабро бліжняму, на дабро свайму народу, на дабро Царкве.
Такая праца становіцца радаснаю працаю ў імя Хрыстова, яна па-сапраўднаму пераўтварае навакольны свет і нас саміх. Людзі дасягаюць яднання, працуючы не пад прымусам і не дзеля выгады, а маючы шчырае жаданне зрабіць справу добрую і карысную. Тым самым мы сумесна служым Стварыцелю, ажыццяўляючы Яго волю. Грэчаскае слова “літургія” перакладаецца як “агульная справа”. Усё наша жыццё павінна стаць Літургіяй, агульнай малітвай і агульнай справай, скіраванай на ажыццяўленне Божай задумы пра свет і пра чалавека, каб тым самым узнесці славу і хвалу Тварцу. Гэта патрабуе ад нас салідарнасці з братамі і сёстрамі па веры і нават з тымі, хто яшчэ не знайшоў у сэрцы сваім Госпада, але, як евангельскія валхвы, знаходзіцца на шляху да Яго.
Важнасць аб’яднання намаганняў для пераадолення бед і няшчасцяў паказалі нам пажары, засухі і паводкі мінулага года ў Расіі і некаторых іншых краінах гістарычнай Русі. Яны яшчэ раз нагадалі нам пра хрысціянскі абавязак дапамагаць бліжнім — не зважаючы на розніцу перакананняў, нацыянальнасцей, сацыяльнага становішча. У гарачыя летнія месяцы многія людзі шчодра дзяліліся сваімі сіламі, часам і маёмасцю з тымі, каго яны нават не ведалі і каго наўрад ці калі ўбачаць. У імя чаго яны гэта рабілі? У імя спачування тым, каму кепска, хто церпіць нягоды і каму патрэбна дапамога.
Грамадская салідарнасць, сумесная праца дзеля дасягнення агульных мэтаў немагчымы без пераадолення эгаізму, без змушэння сябе да дабра, без адмаўлення ад засяроджанасці выключна на сваіх патрэбах і інтарэсах. У аснове сапраўднага “адзінства духа” (Эф. 4, 3) ляжыць закон любові, запаведаны нам Спасіцелем. Адзінства народа не можа быць абмежавана толькі хвілінамі выпрабаванняў. Яно павінна стаць неад’емнай часткай нашай нацыянальнай самасвядомасці і жыцця.
Моц царкоўнага адзінства я выразна адчуў у час шматлікіх паездак па епархіях Расіі, Украіны, Казахстана, Азербайджана. Усюды я бачыў гатоўнасць архіпастыраў, кліру, манахаў і міран працаваць на карысць Праваслаўя, удасканальваць прыходскую, манастырскую і епархіяльную дзейнасць. Гэта дае надзею на паспяховае развіццё царкоўнага жыцця ў духу яднання і суработніцтва.
Ад усяго сэрца, напоўненага радасцю, віншую вас, Праасвяшчэнныя архіпастыры, шаноўныя клірыкі, насельнікі абіцеляў, браты і сёстры, з вялікім і спасіцельным святам Ражджаства Хрыстовага і з Навалеццем. Малітоўна жадаю ўсім вам быць стараннымі выканаўцамі волі Божай і прыносіць духоўныя дары народжанаму сёння Спасіцелю свету, каб імя Яго праслаўлялася заўжды, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.
Амінь.
К І Р Ы Л,
ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ
Ражджаство Хрыстова 2010/2011 год
Πατριάρχης
Πρόεδρος του Τμήματος
06.01.2026
18.12.2025